Таццяна Шамякіна МІФАЛАГІЧНА-ФАЛЬКЛОРНАЯ АСНОВА ВОБРАЗА БЕЛАЙ САРОКІ Ў КНІЗЕ Я. БАРШЧЭЎСКАГА «ШЛЯХЦІЧ ЗАВАЛЬНЯ» Вяршыняй творчасці аднаго з першых пісьменнікаў-рамантыкаў у беларускай літаратуры – Яна Баршчэўскага – стала яго кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», якая выйшла ў Пецярбургу ў 1844 – 46 гг. на польскай мове. Твор адметны ў айчынным прыгожым пісьменстве і сваім зместам, і арыгінальнай структурай. Ён складаецца з чатырнаццаці апавяданняў міфалагічна-фальклорнага характару, змест якіх – аповеды падарожнікаў у гасцінным доме шляхціца Завальні падчас доўгіх зімовых вечароў. Расказы пра розныя фантастычныя здарэнні перамяжоўваюцца псіхалагічнымі замалѐўкамі людскіх характараў – перш за ўсѐ самога шляхціца і яго адукаванага пляменніка. Уся кніга Я. Баршчэўскага прасякнутая хрысціянскім клопатам пра чалавечую душу – як ѐй засцерагчыся ад сіл зла, захаваць сваю чысціню. Апавяданні глыбока павучальныя і ў той жа час займальныя. Тут – ледзь не ўпершыню ў айчыннай літаратуры – сустракаюцца шматлікія вобразы беларускай міфалогіі, а таксама былічкі і легенды як фальклорныя жанры, але выкарыстоўвае іх аўтар творча, у арыгінальных сюжэтах. Баршчэўскі рамантызуе сваіх персанажаў, паэтызуе родны край – Паўночную Беларусь. Як у знакамітых арабскіх казках «1001 ночы» ѐсць стрыжнѐвыя персанажы – Шахарызада, аўтарка казак, і яе зацікаўлены слухач шах, так і ў кнізе Я. Баршчэўскага розныя сюжэты цэментуюцца вобразамі ўласна апавядальніка-аўтара, а таксама яго дзядзькі – небагатага беларускага двараніна Завальні. «Шляхціц Завальня – піша даследчыца Л. Тарасюк, – вельмі каларытны мастацкі вобраз. Перад намі паўстае самабытны тып беларускага шляхціца, які ўвасабляе лепшыя рысы нацыянальнага характару: любасць да роднага краю, да Бога, спагаду да бліжняга, руплівасць, працавітасць, сціпласць, дапытлівасць розуму і шляхетнасць» [5, 85]. У першай навеле, якая так і называецца «Шляхціц Завальня», адбываецца знаѐмства з персанажам і з месцам дзеяння – паўночным і «дзікім баку Беларусі», на беразе возера Нешчарда, што на Полаччыне. Ужо з першых радкоў аўтар паведамляе: «Пан Завальня любіў прыроду» [1, 13]. Простая, нават банальная з пункту гледжання сучаснага чалавека фраза, але на самай справе – надзвычай важная заява пісьменніка-рамантыка. Рамантыкі абагаўлялі прыроду і бачылі ў ѐй не толькі крыніцу натхнення, выток фантазіі, але і важнейшы выток пазнання. Сапраўды, сам Завальня і мала падарожнічаў, і мала вучыўся. Але меў назіральнае вока і ўмеў разважаць. Сам пра сябе ў адной з навел кнігі ѐн гаворыць: «Я нарадзіўся і вырас у гэтым краі, не падарожнічаў нідзе далѐка, аднак досыць пабачыў ў жыцці, колькі пераменаў розных памятаю! » [1, 162] Маюцца на ўвазе не толькі перамены гістарычныя, але і прыродныя. Так, аднойчы ѐн распавядае